Акцыя «Птушкі ля кармушкі»

16–17 студзеня 2021 года стартуе традыцыйная акцыя «Птушкі ля кармушкі», якую ладзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Мерапрыемства нагадвае пра тое, як важна падкормліваць пярнатых у халады, а таксама дазваляе адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных, каб потым своечасова на іх адрэагаваць.

Каб прыняць удзел у згаданай акцыі, трэба ў любы з названых дзён (ці на працягу двух дзён) падлічыць віды і колькасць птушак ля сваёй кармушкі на працягу адной гадзіны і даслаць звесткі арганізатарам шляхам запаўнення электроннай формы https://ptushki.org/feeders або з дапамогай паведамлення на старонках ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ў сацыяльных сетках Facebook і «ВКонтакте». Птушак можна лічыць і 3–4 гадзіны, але тады павінна быць 3–4 справаздачы, па адной для кожнай гадзіны.

Каб прасцей было ўстанавіць від птушкі, АПБ падрыхтавала міні-вызначальнік. На кармушцы можна сфатаграфаваць незнаёмую птушку, а потым яе вызначыць.

Сярод удзельнікаў акцыі грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разыграе 10 значкоў з птушкамі.

Натхніцца для ўдзелу ў мерапрыемстве дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя. Дзяліцца ўражаннямі і здымкамі, дапамагаць адзін аднаму з вызначэннем птушак можна ў тэлеграм-чаце «Ціў-ціў».

Арганізатары мерапрыемства заклікаюць падтрымліваць птушак у суровыя марозныя дні: па-першае, птушкі адчуваюць недахоп корма з-за снегавога насцілу, па-другое, ім патрабуецца больш энергіі, а значыць – больш ежы. Кожны можа без асаблівых высілкаў падтрымаць птушак – зрабіць простую кармушку, якая стане сапраўдным паратункам для дзясяткаў вялікіх сініц, вераб’ёў, зелянушак і іншых гасцей!

Акцыя «Птушкі ля кармушкі»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *